Слонімская гімназія адзначыла юбілей



У Слонімскім Цэнтры культуры ў суботу, 7 лютага, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 50-годдзю Слонімскай гімназіі № 1. На ўрачыстасць прыехалі выпускнікі гімназіі розных гадоў, а таксама былыя настаўнікі.

Слонімская гімназія № 1 сёння – гэта адзіная ўстанова на Слонімшчыне, куды імкнуцца і настаўнікі, і вучні. Гэта ўстанова, парог якой пераступаюць толькі пасля конкурснага адбору.

За 50 гадоў са сцен гімназіі выйшлі 2151 выпускнік, з іх – 250 медалістаў. 1100 выпускнікоў гімназіі сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, 400 – настаўнікамі, 62 – прысвяцілі сябе навуцы. 31 год навучальнай установай кіраваў Вадзім Сяргейчык, які цяпер жыве ў Гародні. Пра ўсё гэта вялі гутарку на юбілейнай вечарыне гімназіі. Шмат было светлых і шчырых успамінаў пра сённяшні калектыў гімназіі, пра гімназістаў, выпускнікоў і пра добрыя справы гэтай навучальнай установы. На вялікі жаль, у гімназіі, на вечарах і на юбілейнай сустрэчы не гучыць і не гучала роднай мовы. Нават на сайце гімназіі, дзе паведамляецца пра сёлетнія юбілеі вялікіх літаратараў свету і іх твораў, няма ніводнай згадкі пра дзеячаў беларускай культуры і літаратуры, а тым болей пра сваіх землякоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара