Слонімская мячэць, якой ужо няма



Татары ў Слоніме з’явіліся ў XVI стагоддзі. Прайшлі вякі і ў Слоніме ўзнікла Татарская вуліца (цяпер вуліца Кірава). Напрыклад, у 1897 годзе ў Слонімскім павеце пражывалі 178 татараў. Найбольш клопатаў ім у Слоніме прынесла ХХ стагоддзе. У верасні 1939 года заможных слонімскіх татар НКУС вывозіў у Сібір. 

Пасля Другой сусветнай вайны татары актыўна сталі выязджаць на Захад, баючыся новых арыштаў НКУС. У 1946 годзе многія з іх выехалі ў Польшчу. 

Была ў Слоніме і мячэць, якая знаходзілася на Татарскай вуліцы. Пасля вялікага гарадскога пажару 1881 года аднавіць яе дапамагаў граф Францішак Пуслоўскі, які даваў грошы на будаўнічыя матэрыялы. 

Апошні раз мячэць гарэла летам 1944 года. Людзі казалі, што падпаліў яе нямецкі жандар. Ад драўлянай мусульманскай святыні нічога нашчадкам так і не засталося. Тая слонімская мячэць была драўлянай і выглядала так, як на гэтым здымку 1916 года. Фота друкуецца ўпершыню.

Беларускае Радыё Рацыя