Слонімскія школьнікі займаюцца краязнаўствам



У Слонімскай сярэдняй школе № 4 адбылася турыстычна-краязнаўчая канферэнцыя “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”.

У ёй прынялі ўдзел вучні і настаўнікі гэтай школы, якія перад журы, у які ўваходзілі слонімскія педагогі, гісторыкі і супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея, выступілі са справаздачамі па краязнаўчай рабоце за мінулы год. А тыдзень назад у СШ № 4 адбылася і алімпіяда па краязнаўству сярод вучняў 5-9 класаў. А таксама фотавыстава з розных краязнаўчых маршрутаў.

Да канферэнцыя жыхарка Слоніма Ніна Анішчык арганізавала ў школе спецыяльную выставу экспанатаў Другой сусветнай вайны “Маўклівыя сведкі даўніны” са сваёй праватнай калекцыі.

Падчас канферэнцыя школьнікі і настаўнікі распавядалі пра тыя мясціны Беларусі, дзе ім удалося летась пабываць. Аказалася, што часцей за ўсё слонімскія юныя краязнаўцы наведвалі Менск, Мір, Косава, Полацк, Сынковічы, Пружаны. Пра гэта яны і распавядалі цікава прысутным. Лепшыя краязнаўцы былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім

Фота аўтара.