Слонімцы бароняць родную мову



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл распачалі збор подпісаў у абарону роднай мовы.  Яны падрыхтавалі тэкст звароту на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі. У звароце паведамляецца, што ў адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. З гэтага вынікае, што яны маюць роўны статус. Аднак на практыцы, і найперш у заканадаўчай сферы, беларуская мова ігнаруецца, што вядзе да парушэння моўных правоў грамадзян у гэтай галіне. Пра гэта адпаведным чынам выказаўся нават Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2004 годзе.

Сябры згуртавання нагадваюць, што яшчэ некалі на старабеларускай мове былі напісаныя перадавыя для тагачаснай Еўропы дакументы, у прыватнасці Статут ВКЛ, які перакладаўся на польскую, рускую і іншыя мовы і дзейнічаў нават падчас Расейскай імперыі аж да 1840 года. “Таму ў сувязі з гэтым, — паведамляецца ў звароце, — мы накіроўваем свае подпісы з прапановай прымаць усе законы і заканадаўчыя акты адпаведна Канстытуцыі Беларусі на дзвюх мовах, альбо толькі на беларускай мове”.

Па словах Паўла Севасцьяна, “збор подпісаў ідзе даволі актыўна, сабрана іх ужо некалькі дзесяткаў. Праз пэўны час мы зварот з подпісамі вышлем спадару Андрэйчанку”.

Беларускае Радыё Рацыя