Слонімцы дапамагаюць маламаёмным жыхарам Дзярэчына



Сябры Слонімскага грамадскага цэнтра 25 верасня наведалі вёску Дзярэчын Зэльвенскага раёна. Слонімцы прывезлі гуманітарную дапамогу для сям’і Косцікавых, а таксама для іншых маламаёмных сем’яў вёскі Дзярэчын. Віктар Марчык, Алесь Масюк, Павел Севасцьян і Міхась Сашко прывезлі адзенне для дарослых і дзяцей, абутак, а таксама мэблю.

Нагадаем, што сёлета сябрам Слонімскага грамадскага цэнтра з дапамогай беларускіх праваабаронцаў і незалежнага прафсаюза РЭП удалося абараніць сям’ю Косцікавых з Дзярэчына і не даць вертыкальшчыкам забраць ад бацькоў дзяцей. Суд пакінуў дзяцей у сям’і.

Справа ў тым, што для пражывання ў вёсцы ўлада сям’і Косцікавых выдаткавала старую хату са згарэлым хлявом. Хаця ў Дзярэчыне ёсць шмат іншых пустых памяшканняў для пражывання і ў лепшым стане. Сям’я пачала абжывацца і ў гэтай развалюсе. Старэйшыя Косцікавыя пакрыху змаглі зрабіць так, што ў кожнага дзіцяці з’явіўся свой пакой, а ў ім – паставілі ложкі, шафы, сталы. Усе ведаюць, што некалі ў Косцікавых былі праблемы з ужываннем спіртных напіткаў, але гэта было ў мінулым. Цяпер сям’я поўнасцю адмовілася ад спірнога. Гаспадар з раніцы да вечара працуе, а маці гадуе дзяцей. Падчас апытання сярод вяскоўцаў людзі сказалі, што Косцікавы даўно не п’юць і стараюцца ўсё рабіць для сваіх дзяцей. Але мясцовыя зэльвенскія вертыкальшчыкі па незразумелых прычынах хацелі забраць дзяцей у бацькоў. “Мясцовыя чыноўнікі замест таго, каб дапамагчы сям’і, прыходзілі да іх у пяць гадзін раніцы, палохалі дзяцей, маральна ціснулі на іх, пагражалі ім. Сям’я Косцікавых напісала заяву ў мясцовую пракуратуру, але гэта заява станоўчых вынікаў не дала. І толькі праз суд мы ўсе разам вырашылі пытанні на карысць сям’і Косцікавых і дзеці засталіся з бацькамі. Будзем удзячны, калі і іншыя арганізацыі дапамогуць дзярэчынцам”, – сказаў кіраўнік Слонімскага грамадскага цэнтра Віктар Марчык.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён