Слонімцы незадаволены дэкрэтам № 3



Сябры грамадскай ініцыятывы “Слонімскае згуртаванне дэмакратычных сіл” правялі “круглы” стол, звязаны з  дэкрэтам №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, больш вядомага, як „падатку на дармаедства”.

Перад прысутнымі выступіў сябра прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Міхась Сошка, які актыўна збірае подпісы супраць гэтага дэкрэту.

Па словах Міхася Сошкі, збор подпісаў ідзе ўсяго некалькі дзён, але ўжо сабрана каля 500 подпісаў. “Многім людзям прыходзіцца тлумачыць, што гэта за дэкрэт № 3 і раздаваць спецыяльную літаратуру. Найбольш актыўна падпісваюцца людзі ў выхадныя дні, якія наведваюць слонімскія рынкі. Бліжэйшымі днямі да збору подпісаў будуць далучаны і іншыя сябры прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці”, – сказаў Міхась Сошка.

Міхась Сошка таксама сабраў подпісы супраць дэкрэты №3 і сярод сяброў грамадскай ініцыятывы, а таксама раздаў ім падпісныя лісты. Так што валанцёраў па зборы подпісаў супраць дэкрэту № 3 на Слонімшчыне дабавілася і ўсе разам яны ўжо ў першыя дні лютага плануюць сабраць больш за 1000 подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім