Слонімцы патрабуюць аднавіць расследаванне спраў зніклых палітыкаў



Жыхары Слоніма напісалі калектыўны зварот у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. У калектыўным звароце паведамляецца:

Мы, грамадзяне Беларусі, жыхары г.Слоніма, прадстаўнікі Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл патрабуем аднавіць расследаванне спраў аб знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў сувязі са з’яўленнем новых фактаў.

 

16 снежня 2019 года нямецкая хваля Deutsche Welle апублікавала фільм-расследаванне і тэкст аб знікненні лідараў беларускай апазіцыі ў канцы 90-х гадоў.

Былы баец СОБРа Юрый Гараўскі заявіў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага. Паводле Юрыя Гараўскага, ён разам з некалькімі саслужыўцамі пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі удзельнічаў у выкраданні і забойстве апазіцыянераў.

Юрый Гараўскі падрабязна распавёў, як адбываліся выкраданні і забойствы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Назваў прозвішчы саўдзельнікаў і ўсе акалічнасці тых жахлівых падзей.

У сувязі са з’яўленнем дадзеных фактаў, просім тэрмінова прыняць усе неабходныя меры па расследаванню злачынстваў звязаных са знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Калектыўны зварот з подпісамі слонімцаў ужо адпраўлены па пошце ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]