Слонімцы развіталіся са святаром Віктарам Бакаўцом
У Слоніме ад каронавірусу памёр праваслаўны святар, настаяцель Спаса-Праабражэнскага сабора Віктар Бакавец. У сераду, 27 кастрычніка, у Слоніме з ім развіталіся праваслаўныя вернікі.

Віктару Бакаўцу было 82 гады. Ён родам са Слонімшчыны. У 1994 годзе ў самым цэнтры Слоніма, на месцы ўзарванага храма ў 1963 годзе, айцец Віктар пачаў будаваць сабор. 20 гадоў ён будаваў храм. І цяпер гэты сабор упрыгожвае цэнтр старажытнага Слоніма. Ён самы вялікі праваслаўны храм на Гарадзеншчыне.

Побач з храмам айцец Віктар пабудаваў званіцу. А цяпер усе сілы аддаваў на будаўніцтва Дома міласэрнасці. Ён хацеў, каб там жылі самотныя людзі, ды і для сябе рыхтаваў пакойчык. Але пажыць там так і не паспеў.
Усе слонімцы добра ведалі айца Віктара, любілі яго і шчыра паважалі. Смерць аднаго з самых вядомых праваслаўных святароў Слоніма, горка адбілася ў сэрцы тых, хто яго ведаў, гутарыў, сябраваў і разам з ім маліўся Богу.
Беларускае Радыё Рацыя
