Слонімцы ўшанавалі Міхала Валовіча



У нядзелю, 25 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830–1833 гадоў супраць Расейскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

Да памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках вёскі Парэчча, прыехалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, якія ўсклалі кветкі на мемарыяльны знак і ўшанавалі герояў хвілінай маўчання.

Некалі Валовічы пабудавалі ў Парэччы з дрэва ўніяцкі храм, але ў 1842 годзе ён згарэў. Потым на месцы згарэлага храма быў пабудаваны новы з камення і цэглы. Але ішоў час і гэты храм забралі сабе праваслаўныя вернікі, а потым у другой палове ХХ стагоддзя ён ператварыўся ў калгасны склад. І толькі ў 1990-х гадах будынак храма быў вернуты праваслаўнай царкве і зараз яна амаль адбудавана па-новаму.

Дзесьці на могілках каля царквы некалі знаходзілася магіла Валовіча, але бальшавікі яе зраўнялі з зямлёй.

Пасля Францыі, Міхал Валовіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, бо не змог жыць на чужбіне. “Кліча Айчына – не магу без яе”, – казаў ён некалі. І ён вярнуўся, хаця ведаў, што яго чакае наперадзе. Пра ўсё гэта ў сваім выступленні сказаў слонімец Мікалай Барысік.

Міхал Валовіч загінуў у барацьбе за волю свайго народа. Але памяць пра яго жыве не толькі на роднай Слонімшчыне, але і ва ўсёй Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён