Слуханне ў справе экстрадыцыі Аляксея Дрыка чарговы раз адклалі



Варшаўскі акруговы суд чарговы раз перанёс разгляд справы Аляксея Дрыка – беларуса, экстрадыцыі якога дамагаецца афіцыйны Менск.

Беларускія следчыя абвінавачваюць спадара Аляксея ў нясплаце падаткаў. Сам  абвінавачаны сваю віну не прызнае  і звязвае ціск органаў са сваёй апазіцыйнай актыўнасцю. Пацвярджаюць гэта і сведкі, якія з’явіліся на судзе: Зміцер Гуніч, Алесь Макаеў, Анатоль Міхнавец.

Зрэшты, палітычную матывацыю справы дапускае нават варшаўскі пракурор Дар’юш Слепакура, які з рацыі абавязкаў прадстаўляе абвінаваўчы бок.

– З прадстаўленага суду матэрыялу вынікае, што Аляксей Дрык  удзельнічаў у апазіцыйных да цяперашніх улад Беларусі арганізацыях.  Таму важна падчас судовай вытворчасці выявіць усе доказы, звязаныя з ягонай апазіцыйнай дзейнасцю.

Аляксей Дрык ужо 3 гады чакае на статус палітуцекача ў Польшчы.

Грамадзянін Беларусі ўпэўнены – справа вырашыцца на яго карысць:

– Суд хоча разгледзець усе абставіны,  паслухаць дадаткова сведкаў. Таму слуханне пераносіцца другі раз, каб не было ніякай памылкі. Суддзя займае нейтральную пазіцыю.

РР: Як, на Ваш погляд, справа скончыцца?

Аляксей Дрык: Ведаю, што на маю карысць. Я веру ў гэта.

Чарговае паседжанне ў справе дапушчэння да экстрадыцыі Аляксея Дрыка пройдзе 3 жніўня. Сітуацыю ўважліва маніторыць польская Хельсінкская фундацыя. Яе прадстаўнік у каментары зазначыў, што Беларусь не з’яўляецца дзяржавай права, а таму яны будуць пільна адсочваць, якое рашэнне прымуць польскія ўлады.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара