Служба бяспекі Украіны затрымала 7 расейцаў па падазрэнні ў тэрактах



Служба бяспекі Украіны затрымала 7 расейскіх грамадзян па падазрэнні ў тэрактах. Пра гэта паведаміў рэсурс „Эхо Москвы”.

Сярод затрыманых – былы намеснік кіраўніка Інгушэціі.

Затрыманыя расейцы перайшлі мяжу па падробленых кыргызскіх пашпартах і планавалі выбухі для забойстваў афіцэраў украінскіх спецслужбаў. Пра гэта заявіў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак

Кіраўнік СБУ адзначыў, што дыверсійныя групы з Расеі планавалі ў красавіку падарваць машыну ўкраінскага ваеннага выведніка – дакладна так падарвалі аўтамабіль генерала ваеннай выведкі Украіны Максіма Шапавала.

Шапавал загінуў у выніку выбуху ў Кіеве ў чэрвені 2017 года. У яго гонар названая вуліца ўкраінскай сталіцы. У сакавіку таго ж году ў выніку падрыву пазадарожніка ў жылым квартале Марыупаля загінуў супрацоўнік СБУ палкоўнік Аляксандр Хараберуш. Арганізатарам гэтых забойстваў Грыцак назваў генерал-лейтэнанта ФСБ Расеі Дзмітрыя Мінаева, які займае пост кіраўніка дэпартаменту контрвыведвальных аперацый, перадае агенцтва УНИАН.

СБУ таксама апублікавала відэа допыту аднаго з затрыманых. Сцвярджаецца, што гэта ўдзельнік баявых дзеянняў у Паўночным Каўказе Цімур Дзортаў, які быў асабістым ахоўнікам кіраўніка Інгушэціі Юнус-Бека Яўкурава, а пасля працаваў яго намеснікам.

Ніякіх каментароў ад МЗС Расеі, Мінабароны, ФСБ і уладаў Інгушэціі пакуль не было.

Беларускае Радыё Рацыя