Спартовец-велагоншчык не з’явіўся ў суд Бярозы, яго аб’явілі ў вышук
У Бярозаўскім судзе не адбыўся працэс над спартоўцам-велагоншчыкам Уладзіславам Цімошыкам з Бярозы па крымінальнай справе, датычнай акцыі 10 жніўня 2020 года. Яго абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку міліцыі Бярозаўскага РАУС Сяргею Манцэвічу, спалучаным з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення, кажа адна з мясцовых актывістак:
– Уладзіславу 21 год. Падчас жнівеньскіх падзей ён зачапіў машынай супрацоўніка сілавых структур, які перакрываў дарогу транспарту. Пасля гэтага Уладзіслава збілі, пабілі ягоную машыну.
Людзі задаволены, што Уладзіслаў спрабуе ўратавацца. Яму пагражае да 5 гадоў турмы. Старшы ўчастковы маёр Сяргей Манцэвіч праявіў асаблівую актыўнасць падчас разгону мірнай акцыі і не супыніўся да гэтага часу ў пераследзе актывістаў. Магчыма, гэта дапамагло яму стаць дэлегатам апошняга так званага Усебеларускага сходу, гаворыць жанчына:
– Я спачуваю маладзёну. Лічу, што дзеянні сілавікоў правакуюць нянавісць да праваахоўных органаў. Нам патрэбная краіна для людзей, у якой моладзь бачыць для сябе перспектывы. Я малюся за Уладзіслава.
Уладзіслаў Цімошык – неаднаразовы прызёр велагонак міравога роўню. Цяпер па рашэнні суддзі Наталлі Мінчанкі ён аб’яўлены ў вышук, і калі яго знойдуць, будзе пераведзены да суда пад арышт.
Беларускае Радыё Рацыя
