Спецыяліст: Мільёну беларусаў патрэбная дапамога псіхіятраў



Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у апошнія гады доля хворых на псіхіятрыю рознай ступені цяжкасці дасягнула 12% ад агульнай колькасці жыхароў Зямлі. Не адстае, на жаль, і Беларусь, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску загадчык кафедры псіхіятрыі Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Раман Еўсягнееў:

— Псіхіятрычная дапамога патрэбная не менш чым 10 % насельніцтва. У нашай краіне мільён людзей маюць патрэбу у псіхалагічнай і наркалагічнай дапамозе. Ну і на ўліку стаіць прыблізна паўмільёна, а колькасць псіхіятраў у краіне вельмі невялікая, недзе васямсот дзевяцьсот можа тысяча спецыялістаў.

Раман Еўсягнееў падкрэслівае, што людзям і самім трэба сачыць за сваім псіхічным здароўем. Галоўнае, як лічыць спецыяліст, беларусы павінны пазбавіцца стэрэатыпаў, якія не даюць звярнуцца да псіхіятра. З праблемамі псіхікі сутыкаецца кожны чалавек цягам свайго жыцця і саромецца такіх праблем не варта, зазначыў Раман Еўсягнееў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя