«Спіс Івашына»



Гарадзенскі журналіст і аналітык у пытаннях бяспекі Дзяніс Івашын склаў спіс беларускіх сілавікоў, якія патэнцыйна ёсць агентамі ўплыву Расеі. У перлік трапілі 137 чалавек ад маёра да генерал-лейтэнанта.

Крытэрам сталі вышэйшая вайсковая адукацыя, атрыманая ў РФ, служба ў расейскіх сілавых ведамствах і удзел у канфліктах, нараджэнне па-за межамі Беларусі, дзейнасць у структурах кампартыі, датычнасць да фінансавых і дыпламатычных расейска-беларускіх колаў.

У спіс трапілі міністр абароны Андрэй Раўкоў і ягоныя намеснікі, найвышэйшае кіраўніцтва МУС на чале з міністрам Ігарам Шуневічам, міністр надзвычайных сітуацыяў Уладзімір Вашчанка, старшыня КДБ Валеры Вакульчык, віцэ-прэмʼеры Васіль Мацюшэўскі і Міхаіл Русы, кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў ды іншыя.

На першым месцы, паводле Івашына, стаяць узброеныя сілы, дзе прысутнасць патэнцыйна «прарасейскіх элементаў» максімальная. Далей ідуць МУС і Памежны камітэт. Звестак пра КДБ даследчык не мае, паколькі працуе толькі з адкрытымі крыніцамі.