Справа аб гандлі зброяй у Баранавічах. Палову абвінавачаных вызвалілі



Прысуд у справе аб гандлі зброяй у Баранавічах агучыла суддзя Баранавіцкага раённага суда Літвінчык 25 лістапада. Асноўныя фігуранты – Дзмітры Кульжык і Юры Марчанка – атрымалі па 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у 50 базавых велічыняў кожны.

Да рэальных тэрмінаў зняволення суд прыгаварыў яшчэ траіх фігурантаў – былога міліцыянта маёра Аляксандра Веку (7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), беспрацоўнага Мікалая Дзямідава (5 гадоў) і старэйшага лейтэнанта Максіма Новікава (4 гады). Усіх асуджаных пазбавілі вайсковых званняў.

Яшчэ пяцёра фігурантаў вызваленыя ў залі суда праз амністыю з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі. Усе яны атрымалі тэрміны ад 2 гадоў 3 месяцаў пазбаўлення волі да 2 гадоў 6 месяцаў.

Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Уладзь Грыдзін