Справа чыноўніка-архітэктара Паўла Лучыновіча разраслася да 22 тамоў



У судзе Заводскага раёна Менска працягваецца судовы працэс супраць былога старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Паўла Лучыновіча. Яму інкрымінуюць два артыкулы — «Атрыманне хабару пасадовай асобай» і «Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб паводле папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры». Памер хабару, які інкрымінуюць Лучыновічу — 4 тысячы даляраў. Пра абставіны затрымання і падрабязнасці справы з залі суда перадае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.

Пасля свайго затрымання ў сакавіку і да верасня Лучыновіч сядзеў у СІЗА, аднак затым быў пераведзены ў аддзяленне гнойнай хірургіі 5-й гарадской клінічнай бальніцы, афіцыйная версія — у яго адняліся ногі. Ён быў вызвалены пад заклад. Такім чынам, судовыя паседжанні праходзяць без Лучыновіча, ён знаходзіцца ў лякарні.

На затрыманне Лучыновіча прарэагавалі людзі, якія лічаць сябе ахвярамі працы архітэктара. У 2015 годзе на сустрэчы з жыхарамі Сельгаспасёлка па далейшым лёсе прыватнага сектару Лучыновіч тройчы паўтарыў фразу: «А што вы хвалюецеся? Да 2017 года вас тут усё роўна не будзе». Пад будаўніцтва на месцы зносу забудоўшчыку «Горизонт-Проект-Строй» было вылучана ажно 11 гектараў зямлі, рашэнне было падпісана ў Менгарвыканкаме асабіста Лучыновічам. Рэалізаваць правы жыхароў, то бок рассяліць іх ніхто не паклапаціўся, а праект ужо быў гатовы і зацверджаны. Як і ўва многіх іншых сітуацыях у Менску, жыхары постфактум даведаліся, што іх будынкі ўключаны ў праграму зносу, ніхто пры стварэнні праекту іх не папярэджваў. Некаторыя людзі запісваліся да Лучыновіча на прыём, каб абараніць свае дамы, аднак у кабінеце чулі фразы, што ўсё вырашана і не варта больш падымаць гэтую тэму.

Па справе таксама праходзіць Нона Грышына, якая нібыта была пасярэдніцай пры перадачы хабару. На судзе яна сцвярджае, што ўжо больш за 20 гадоў займаецца дапамогай пры заключэнні дамоваў па будаўніцтве, а таксама ёгай, часта бывае, нават жыве ў Індыі. Пра сустрэчы з Лучыновічам Грышына кажа, што мэтай былі менавіта размовы пра здароўе, сцвярджала, што Лучыновіч меў хворыя зубы і спіну. А яна на сустрэчы з Лучыновічам насіла чыноўніку кнігі і лекавую гарбату. Таксама падчас судоў высветлілася, што пад словам «спецыі» меліся на ўвазе грошы, якія перадаваліся ў пакеце. Прычым перад затрыманнем Лучыновіч адправіўся з Менску ў вёску Хацежына, дзе пражывае Грышына, за пакетам з гарбатай, крэмам і ромам у пластыкавай бутэльцы, якія былі ацэненыя ў суме не болей за 10 рублёў. Аказалася, што ў пакеце былі і 4 тысячы даляраў. Прычым Грышына спачатку сведчыла, што бачыла, як Лучыновіч у машыне пералічвае грошы, але затым адмовілася ад сваіх паказанняў. Суму ў 4 тысячы даляраў Грышына называе не хабарам, а грашыма на адпачынак на Мёртвым моры. Прычым кажа, што грошы ўзяла ў сям’і сына, паколькі пасварылася з нявесткай. Цяпер разглядаюць справу толькі Грышынай, а крымінальная справа Лучыновіча пакуль прыпыненая з-за хваробы падсуднага, афіцыйныя дакументы ў залі зачытала адвакатка Лучыновіча Алена Чарэй. Тым часам крымінальная справа чыноўніка разраслася да 22 тамоў.

Праблемным адрасам з’яўляецца вуліца Смалячкова, 14А. Пабудовай аб’екта займаецца кампанія «Spring-invest», якая раней ніколі не займалася будаўніцтвам і была заснаваная «пад праект». Марына Русак, прадстаўніца Камітэта архітэктуры ў сваіх паказаннях на судзе заявіла, што праект не прайшоў будаўнічую экспертызу. Там будуецца высокі адміністратыўны будынак, хаця раней намеснікі Лучыновіча прасілі запраектаваць там паліклініку, якой не хапае раёну. Аднак галоўны архітэктар адмовіўся разглядаць падобны праект і зрабіў выбар у бок інвестара з Казахстана. Яшчэ разглядаюцца ў судах абставіны здачы пад будаўніцтва дзвюх пляцовак на праспекце Дзяржынскага і вуліцы Розы Люксембург пад фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.

З паведамленнем з залы суда Заводскага раёна Менска, дзе цяпер судзяць колішняга галоўнага архітэктара беларускай сталіцы Паўла Лучыновіча, быў наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.