Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд гімназісту



Вярхоўны суд Беларусі 19 верасня пакінуў без зменаў прысуд менскаму гімназісту Данату Скакуну, асуджанаму за замах на забойства настаўніцы, — восем гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі, паведамляе БелаПАН.

* * * 

19 верасня Вярхоўны суд пачаў судовы разгляд у апеляцыйным парадку крымінальнай справы па абвінавачанні навучэнца менскай гімназіі Даната Скакуна ў замаху на забойства настаўніка.

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Прысуд абскардзілі бацькі абвінавачанага як законныя прадстаўнікі і яго абаронцы. Слуханні праходзяць без абвінавачанага і пацярпелай.

У зале прысутнічае бацька і тры адвакаты. Старшынюе ў працэсе суддзя Вярхоўнага суда Сяргей Гураў. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анатоль Мяцельскі.

Скакун знаходзіцца ў СІЗА №1 Менска. Пасля абвяшчэння прысуду Менгарсуда ў бацькоў з ім было толькі адно спатканне. Прысуд 16-гадоваму Данату Скакуну — 8 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі — калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда вынесла 7 красавіка.

Шмат хто не верыць у ягоную вінаватасць. У Facebook была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе. Актывісты звяртаюць увагу на тое, што абвінавачанне будавалася выключна на словах пацярпелай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН