Справа Прахарэнкі: 23 пацярпелыя, абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах
Суд Савецкага раёну Гомеля 29 верасня разглядае крымінальную справу ў дачыненні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі або народнага заседацеля) і арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Па справе праходзяць 23 пацярпелыя.
Крымінальную праву разглядае суддзя Андрэй Лагуновіч.
Сам абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі.
За тры месяцы зняволення Юрый пахудзеў на 20 кілаграмаў.
Прахарэнку затрымалі ў Гомелі 11 жніўня 2020 года, моцна збілі ў Навабеліцкім РАУС і, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 сутак.
Быў вызвалены на трэці дзень.
Экспертыза паказала, што на фоне затрымання і збіцця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага пераследу і змяшчэння ў турму ў яго развілася псіхічнае расстойства. Ягоныя інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька.
Паводле афіцыйнага абвінавачання, Юрый быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя звесткі сілавікоў. Са снежня мінулага года па красавік 2021 года ён пісаў «каментары абразлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме», паведамляе падрабязнасці Радыё Свабода.
Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.
«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адсядзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сляды пабіцця, пісаў скаргі на затрыманне і біццё, але следчыя не знайшлі вінаватых. Напісалі нам у адказе, што ўсе былі ў балаклавах, таму немагчыма вызначыць, хто менавіта яго пабіў», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.
