Справа Рэгнума паступіла ў Менгарсуд



Справа беларускіх аўтараў Рэгнума паступіла ў Менскі гарадкі суд, паведаміў БелаПАН памочнік старшыні МГС Анастасія Шыльвян.

Паводле яе слоў, рашэнне аб прызначэнні даты пачатку слуханняў павінна быць прынята на працягу месяца, аднак, згодна з заканадаўствам, магчымае і падаўжэнне гэтага тэрміну яшчэ на месяц.

У снежні 2016 года былі затрыманыя і ўзятыя пад варту Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін і Сяргей Шыпценка — беларускія грамадзяне, якія рыхтавалі матэрыялы па ўнутрыпалітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі для некаторых расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў і СМІ, у тым ліку Рэгнума. Спачатку былі затрыманыя і ўзятыя пад варту два аўтары Рэгнума, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „ЕАДэйлі”: выкладчык БДУІР Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Берасця Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з’явілася інфармацыя пра затрыманне мінчаніна Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор’еў).

„У ходзе вобыскаў атрыманы даныя аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў тады Следчы камітэт.

Алімкіну прад’яўлена абвінавачанне во ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або сваркі, учыненае групай асоб), Паўлаўцу — па ч. 3. арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), Шыпценку — па ч. 3 арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК. Чацвёртаму фігуранту справы Юрыю Баранчыку, грамадзяніну Беларусі, шэф-рэдактару Рэгнума, завочна прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК, завочна абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, хоць вядома, што знаходзіцца ў Расеі.

26 кастрычніка МЗС Расеі заклікала беларускі бок „максімальна адказна” падыходзіць да разгляду крымінальнай справы аўтараў Рэгнума „ў строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, найперш у плане захавання свабоды выказвання меркаванняў”. Заяву зрабіла афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства РФ Марыя Захарава.