Справу Андрэя Бандарэнкі вярнулі ў пракуратуру



Суд Ленінскага раёну Магілёва адправіў крымінальную справу праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі на дапрацоўку. Бандарэнка абвінавачваецца па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Раней ён быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па артыкуле „хуліганства”. Адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4. Аднак за некалькі месяцаў да вызвалення супраць яго завялі новую справу. Па словах Валерыя Бандарэнкі, бацькі зняволенага, адвакат яго сына заўважыў у матэрыялах справы сур’ёзныя парушэнні. Справа перадавалася ад аднаго да другога следчых без неабходнага працэсуальнага афармлення.

– Адвакат падаў хадайніцтва, прадставіў дакументы. І суддзя задаволіла просьбу Андрэя з адвакатам, Андрэй таксама падтрымаў адваката, і справа была перададзена назад у пракуратуру.

Калі будзе наступнае паседжанне суду, невядома, – сказаў Валер Бандарэнка. Па яго словах, з сынам паразмаўляць у яго не атрымалася, – не даў канвой. „Але выгляд у яго страшны. Мне 70, а яму 40 гадоў, але ён выглядае старэйшым, чым я,” – сказаў Валер Бандарэнка.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя