Справу спынілі з прычыны адсутнасці складу правапарушэння



У судзе Кобрыньскага раёна нарэшце завяршыўся судовы працэс па адміністрацыйнай справе жыхара вёскі Малыя Прылукі Сцяпана Дубчука.

Выкліканая ў суд начальнік ідэалагічнага аддзела Кобрыньскага райвыканкама Паліна Васілюк паведаміла, што мерапрыемства да 100-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі праводзілася паводле плана на галоўнай плошчы горада ля помніка Леніну. Атрымліваецца, Сцяпан Дубчук прысутнічаў на афіцыйным мерапрыемстве. Зыходзячы з гэтага, суддзя Пятро Цімашэнка спыніў справу з прычыны адсутнасці складу правапарушэння.

Судовая справа закруцілася з падачы міліцыянтаў, кажа Сцяпан Дубчук:

– Давялі да суда, там пяцьдзясят міліцыянтаў над справай працавалі. Шукалі склад злачынства. Але не знайшлі. Бо я выйшаў на дазволеную акцыю. Ім плакат мой не спадабаўся. Чорны колер, думалі анархіст. Два месяцы мне нервы псавалі. Хто за гэта будзе адказваць, не ведаю.

Сцяпан Дубчук 7 лістапада падчас святкавання ўладамі 100-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі таксама выйшаў на гарадскую плошчу з плакатам, дзе было напісана: „Зямля – сялянам! Калі?” Мужчыну вымусіла выйсці на плошчу адмова мясцовых уладаў выдзеліць зямлю для фермерскіх работ. За зямлю Дубчук змагаецца не адзін год. Тым часам, паводле Дубчука,  старшыня райвыканкама паабяцаў яму паспрыяць у справе выдзялення зямлі.

Беларускае Радыё Рацыя