Спроба ўкіду выбарчых бюлетэняў у Берасці



“У другі дзень датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання адбылася спроба ўкіду бюлетэняў. На ўчастку №37 Берасцейскай-Усходняй выбарчай акругі №3”, – паведамляе Youtube-канал “ОГП-ТВ” і выкладае відэа здарэння:

– Колькі ў вас бюлетэняў у руцэ? Пакажыце. Хто вам даў столькі бюлетэняў? Адкуль вы іх узялі? Вас будзе вельмі проста знайсці. Вы пакінулі сёння свае дадзеныя. Я зняў вас на відэа. У пракуратуры вамі зацікавяцца.

На відэа бачна, як маладая дзяўчына выходзіць з кабінкі для галасавання і накіроўваецца да выбарчай урны са стосам паперы ў руках. Назіральнік і аўтар відэа (голас за кадрам) робіць ёй заўвагу, і дзяўчына сыходзіць з участка.

Пра тое, як павяла сябе камісія, каментуе давераная асоба кандыдата ў дэпутаты па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Ганны Канюс, назіральнік Юрый Вашчанчук, які фіксаваў гэтае здарэнне:

– Было бачна па рэакцыі, што гэта іх таксама напужала. Яны не ведалі як сябе паводзіць. Я сказаў, што калі паўторыцца такая сітуацыя, не выганяць, а паспрабаваць высветліць, што хоча зрабіць чалавек. Ці хацеў ён укінуць бюлетэні? Ці гэта бюлетэні ў яго на руках і колькі іх? Чые гэта бюлетэні і адкуль узяліся?

Інтэрнэт-карыстальнікі паспрабавалі ідэнтыфікаваць верагодную фальсіфікатарку. Па інфармацыі і фотаздымках у сацыяльных сетках дзяўчына з відэароліка падобная на Анастасію Кулічкову – педагога-псіхолага аднаго з дзіцячых садкоў. Па нейкім супадзенні, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі — Тацяна Мосіна — дырэктарка гэтага дзіцячага садка. Юрый Вашчанчук паведаміў, што супрацоўнікам міліцыі гэтая дзяўчына не была затрымана, і таксама падаў скаргу з нагоды гэтага здарэння.

Беларускае Радыё Рацыя