Спыненая крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая



Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску спыніла папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая.

У пастанове, датаванай 12 верасня, гаворыцца, што расследаванне падлягае спыненню на падставе пункта 7 часткi 1 артыкула 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (акалічнасці, якія выключаюць вытворчасць па крымінальнай справе, — у дачыненні да памерлага).

Справа была распачатая 12 чэрвеня гэтага года ўпраўленнем дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Менску і Менскай вобласці па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры за 2016—2017 гады (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).

„Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі атрыманыя з падатковых органаў матэрыялы праверкі А.І.Ліпая па фактах нявыплаты ім падаходнага падатку з даходаў, атрыманых за мяжой, — гаворыцца ў паведамленні на сайце КДК. — Так, у фінансавай міліцыі маецца дакладная інфармацыя пра тое, што А.І.Ліпай, атрымаўшы ў 2016—2017 гадах ад нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь даход на агульную суму больш як 1,3 млн рублёў у эквіваленце, наўмысна не падаў ва ўстаноўленыя тэрміны ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па месцы жыхарства падатковыя дэкларацыі і не выплаціў падаходны падатак. Тым самым А.І.Ліпай ухіліўся ад выплаты падаходнага падатку на агульную суму больш як 173 тыс. рублёў”.

„А.І.Ліпай пасля выяўлення гэтага факта прызнаў парушэнне заканадаўства і 12.06.2018 зрабіў выплату падаходнага падатку і пені ў памеры большым за 191 тыс. рублёў. Тым не менш, улічваючы, што памер урону ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку перавысіў 1 тыс. базавых велічынь (24,5 тыс. рублёў), незалежна ад яго наступнай кампенсацыі фінансавая міліцыя абавязаная ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам ажыццявіць комплекс крымінальна-працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўсталяванне акалічнасцяў атрымання грашовых сродкаў. Цяпер органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні”, — адзначалася ў рэлізе.

12 жніўня тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы быў падоўжаны на месяц.

23 жніўня Алесь Ліпай памёр на 53-м годзе жыцця.

belapan.by