Спыненая крымінальная справа ў дачыненні да адваката галоўнага інжынера МЗКЦ



Крымінальная справа ў дачыненні да адваката бюро „Прынцэпкансалт” — намесніка старшыні Менскай гарадской калегіі адвакатаў па факце выдавання дадзеных папярэдняга следства спыненая з-за адсутнасці складу злачынства. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэут, спасылаючыся на інфармацыю Генеральнай пракуратуры, якая паступіла ў Менскую гарадскую калегію адвакатаў.

Таксама спыненая крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) КК.

Адвакат Вера Арэшка, якая з’яўлялася абаронцам галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача, падазравалася ў выдаванні дадзеных папярэдняга следства.

„Злачынствы адваката былі задакументаваныя ў той час, калі яна прадстаўляла інтарэсы падследнага Андрэя Галавача, галоўнага інжынера ААТ „МЗКЦ”. У прыватнасці абаронца выдала трэцім асобам звесткі па крымінальнай справе, у сувязі з чым сама аказалася падазраванай”, — паведаміла 9 ліпеня прэс- служба МУС.

Падчас папярэдняга расследавання праваахоўнікі правялі вобыск па месцы жыхарства жанчыны, дзе знайшлі пісталет Walter mod. 1938 (Р.38) і патроны да яго. Згодна з заключэннем экспертызы, агнястрэльная зброя з’яўляецца прыдатнай для стральбы. Па гэтым факце распачатая справа па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), гаварылася ў паведамленні.

Галоўны інжынер ААТ „МЗКЦ” Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года разам з некалькімі супрацоўнікамі прадпрыемства. У лютым 2018-га суд апраўдаў яго па абвінавачанні ў атрыманні хабараў на суму большую як 180 тысяч дэнамінаваных рублёў, але адразу ж пасля вынясення прысуду ён быў затрыманы ў зале суда па падазрэнні ў атрыманні хабараў на суму 192 тысячы долараў і 35 тысяч еўра. Паводле версіі следства, гэтыя падзеі адбываліся з 2008 па 2015 год.

19 ліпеня суддзя суда Першамайскага раёна сталіцы Святлана Чараповіч цалкам апраўдала Андрэя Галавача, ён выйшаў на волю пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.

29 ліпеня Генпракуратура падала пратэст на апраўдальны прыгавор суда Першамайскага раёна Менска ў дачыненні да Галавача. „Намеснік генеральнага пракурора прынёс апеляцыйны пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Менскага гарадскога суда, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы”, — паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзмітрый Брылёў.

БелаПАН