Спынены крымінальны пераслед журналістаў Быкоўскага і Кулецкага па „справе БелТА”
Спынены крымінальны пераслед двух фігурантаў „справы БелТА” — менскага ўласнага карэспандэнта радыёстанцыі „Нямецкая хваля” Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага. Пра гэта журналісты паведамілі БелаПАН.
Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскага і Кулецкага абвінавачвалі на падставе ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Прычынай распачынання справы стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся аднаму з замоўцаў.
З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
belapan.by