Спёка не прывядзе да спаду захворвання каронавірусам



За дзень зарэгістравана 812 афіцыйных выпадкаў каронавірусу. Агульная колькасць выяўленых захварэўшых перавысіла 50 тысяч чалавек.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Нягледзячы на тэндэнцыю да зніжэння ўзроўню захворвання на каронавірус, сталічныя ўлады нагадваюць аб неабходнасці выканання плана мерапрыемстваў па прафілактыцы і змаганні з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку COVID-19, прынятага рашэннем Менгарвыканкама.

Прадпрыемствы і арганізацыі сталіцы абавязаны дакладна выконваць усе санітарныя патрабаванні.

Супрацоўнікі павінны быць забяспечаныя маскамі, пальчаткамі, шчыткамі і антысептыкамі. У гандлёвых цэнтрах, банках і іншых месцах прыцягнення насельніцтва антысептыкі павінны знаходзіцца на бачных месцах і пастаянна папаўняцца.

Праезд у менскіх маршрутках прапануюць аплачваць праз тэлефон.

Спёка, якая прыйшла ў Менск, па словах урачоў, не прывядзе да спаду захворвання каронавірусам. Насіць маскі і захоўваць дыстанцыю ў паўтары метры з іншымі менчукам давядзецца і надалей.

Беларускае Радыё Рацыя