Стала вядома пра яшчэ адну антыбеларускую суполку



Украінскія хакеры раскрылі функцыянаванне яшчэ адной антыбеларускай суполкі, якая дзейнічае ў Беларусі. Атрыманыя неабвержныя доказы пра асобаў, якія маюць дачыненне да «Беларуского Военно-Политического Обозрения», пра падробку імі дакументаў, арганізацыю незаконных следчых дзеянняў ды іншая інфармацыя, якая сведчыць пра стварэнне і функцыянаванне групоўкі з усімі азнакамі злачыннай дзейнасці.

Кажа рэдактар беларускай старонкі сайту „Інформ-Напалм” – Дзяніс Івашын:

– Гэта сайт, які фізічна знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, рэдактарам іхняга пабліка ў сацыяльнай сетцы Укантакце з’яўляецца прадстаўнік „Антымайдана” Вячаслаў Раўжын. Ён таксама сябе пазіцыянуе як куратар «Движение Новороссия», то бок разумеем, якія людзі стаяць за гэтым прапагандысцкім рэсурсам. Што да тых матэрыялаў, якія былі нам перададзены, гэта колішнія прадстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў, перадусім Міністэрства абароны.

Сайт „Інформ-Напалм” пасля аналізу атрыманай інфармацыі робіць шэраг высноваў. Сярод якіх тое, што „цалкам магчыма, што ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі створаная і дзейнічае арганізаваная група агентаў уплыву Расейскай Федэрацыі, якая здзяйсняе агрэсіўную прапаганду «русскаго міру» сярод студэнцкай моладзі”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя