Стала вядома, за што хочуць пазбавіць ліцэнзіі адваката Марыі Калеснікавай



Людмілу Казак, адваката Марыі Калеснікавай, могуць пазбавіць ліцэнзіі за адміністрацыйнае правапарушэнне, паведамляюць праваабаронцы.

Пытанне, ці зможа Казак абараняць Калеснікаву і наогул далей працаваць адвакатам, будзе вырашацца 18 лютага на пасяджэнні Кваліфікацыйнай камісіі па адвакацкай дзейнасці.

Гаворка пра інцыдэнт, які адбыўся 24 верасня. Людміла Казак спяшалася на судовае пасяджэнне, але ў суд так і не даехала, знікла. Выпадковы сведка расказаў пазней журналістам, што бачыў, як невядомыя пасадзілі Казак у машыну, пры гэтым яна крычала: „Дапамажыце”.

Ноч адвакат правяла ў ізалятары на Акрэсціна. На наступны дзень яе асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі. У якасці пакарання выпісалі штраф. Дысцыплінарная камісія Менскай гарадской калегіі адвакатаў 20 студзеня ўжо прыцягнула Людмілу Казак да адказнасці: ёй была абвешчаная заўвага.

Цяпер гаворка ідзе пра пазбаўленне ліцэнзіі. Праваабаронцы мяркуюць, што адвакатаў пераследуюць за іх прафесійную дзейнасць.