Стала вядомая рэальная статыстыка COVID з Віцебшчыны
Статыстыка ўсяго з пяці буйных медычных устаноў Віцебскай вобласці паказала: за дзень выяўлялі да 1519 выпадкаў COVID-19, а гэта 81% ад таго, што за той дзень Міністэрства здароўя рапартавала пра ўсю краіну.

Партал Zerkalo.io апублікаваў атрыманую з уласных крыніцаў статыстыку распаўсюду каронавіруса з Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі, абласных Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, Клінічнай інфекцыйнай лякарні, Цэнтру дэрматавенералогіі і Абласной клінічнай радзільні. Лічбы станоўчых тэстаў на COVID-19 ёсць ад 25 жніўня па 5 кастрычніка.
Колькасць новых выпадкаў хутка расце: у канцы жніўня выяўлялі пару сотняў хворых, у сярэдзіне верасня – па паўтысячы на дзень, у пачатку кастрычніка – да 1519 новых выпадкаў. Пнеўманію выявілі ў 6% з гэтых выпадкаў. Звестак аб смяротнасці няма. У дзень, калі толькі ў пяці ўстановах Віцебшчыны (а гэта далёка не ўсе медычныя ўстановы вобласці) выявілі 1519 новых выпадкаў, Міністэрства аховы здароўя рапартавала аб 1872 новых выпадках па ўсёй краіне. Калі ўявіць, што і Мінздароўя, і «зліў» не хлусяць, то на Віцебшчыне ў той дзень выявілі не менш за 81% новых выпадкаў па краіне (што малаверагодна).
