Сталіца Палесся сустракае свае ўгодкі



Сталіца Палесся – Пінск сустракае дзявяцьсот сямнаццатыя ўгодкі ад моманту першых пісьмовых узгадкаў. У летапісах, датаваных восенню 1097 году Пінск ужо значыцца як горад, які можа ў вайсковым паходзе заняць князь Васілька Расціслававіч.

Шэраг археолагаў выказалі меркаванне, што горад над Пінай, як мінімум старэйшы на сто год і пры правядзенні грунтоўных археалагічных даследванняў, гэта можна даказаць. Тым не менш, гарадскі савет ветэранаў прапанаваў кіраўніцтву Пінска перанесці Дзень гораду з першых выходных кастрычніка на 14-га ліпеня, калі горад вызвалілі ад нацыстаў.

Прапанову абмяркоўваюць у сацыяльных сетках ды гарадскіх форумах. Краязнаўца Эдуард Злобін адзначыў, што Дню горада Пінска не шанцавала з савецкіх часоў:

– Угодкі горада ў Пінску заўсёды адзначалі з нейкімі цяжкасцямі. У савецкія часы, калі 5-га лістапада было вельмі блізка да “чырвонага дня календара” 7 лістапада, гэты дзень таксама імкнуліся пасунуць, каб не 5-га лістапада святкаваць, а ў першыя выходныя кастрычніка. Але справядліва святкаваць менавіта 5 лістапада.

Сёлетнія мерапрыемствы з нагоды Дня гораду сціплыя. Прадстаўнікі грамадскасці мяркуюць, што гэта абумоўлена нядаўнімі агульна-берасцейскімі Дажынкамі. Але не выключаюць, што такім чынам змяншаецца знакавасць свята.

 

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя