Станіслаў Шушкевіч: Кіёк вазьму – і палячу



Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, што не збіраецца з-за паламанай нагі адмяняць паездкі ў Вялікабрытанію.

«Не так даўно ішоў у Менску ў візавы цэнтр Вялікабрытаніі, а дарога была вельмі слізкая, — распавядаў Станіслаў Шушкевіч. – У выніку — пералом. Дарэчы, толькі на наступны дзень даведаўся, што нага зламана, а ў той дзень яшчэ хадзіў. Боль быў даволі моцны, але цярпеў. Думаў, што баліць ад удару. Зрабілі рэнтген, той паказаў, што аптымістычныя прагнозы не спраўдзіліся. Наклалі гіпс. А ў мяне на гэты час якраз запланаваны паездкі — у Лондан, Кембрыдж і Баку. У Азербайджан трэба ляцець ужо 15 сакавіка, але ж з гіпсам не атрымаецца. Хаця ў свой час са зламанымі рэбрамі і пальцам я падарожнічаў».

Са слоў Станіслава Станіслававіча, паездку ў Вялікабрытанію ён, хутчэй за ўсё, адмяняць не будзе.

«Урачы паведамілі, што знімуць гіпс толькі 22 сакавіка, — кажа спадар Шушкевіч. — Паглядзелі здымкі і сказалі, што гэта самы мінімальны тэрмін, які толькі можа быць. На жаль, з-за гэтага давялося адмяніць паездку ў Баку, пра што вельмі шкадую. А вось у Кембрыдж 24 сакавіка з жонкай збіраемся адправіцца. Кіёк вазьму – і палячу».

Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя