Станіслаў Шушкевіч: Справы Грушавога застануцца назаўсёды



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч успамінае пра Генадзя Грушавога.

Роўна год таму, 28 студзеня 2014 года, не стала Генадзя Грушавога. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, доктар філасофскіх навук, прафесар. Заснавальнік і кіраўнік Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». Ён ратаваў ахвяр Чарнобыля, але не выратаваўся сам…

Станіслаў Шушкевіч: Генадзь не чакаў смерць, хоць ведаў, што хворы. Ён вельмі прасіў мяне клапаціцца пра аднаго журналіста (не буду называць яго прозвішча), бо, маўляў, таму пагражае нездароўе і смерць. Нават у самыя складаныя часы думаў пра іншых, а пра сябе неяк не ўсведамляў, што хвароба з’есць яго так хутка. Але справы Грушавога, звязаныя з аздараўленнем дзяцей з радыяцыйных зонаў, безумоўна, застануцца. І пераважна па гэтай пазіцыі я яго і ведаў.

РР: Праўда, што дзейнасць фонда рознымі людзьмі ўспрымалася па-рознаму?

Станіслаў Шушкевіч: Так. Многія зайздросцілі, што ў Генадзя добра атрымоўвалася, многія лічылі, што ўсё тое, што на словах, не робіцца на справах. Але, на мой погляд, лепш за Генадзя Грушавога ніхто гэтую справу зрабіць не змог бы. За што яму і павінны быць усе абавязаны. Ён пачаў дабрачынную дзейнасць адным з першых, у яго былі добрыя кантакты з Нямеччынай. На той час гэта было надзвычай складанае пытанне! Здаралася, што і я не ўсё ўспрымаў так, як яно было на самой справе. Але, паўтаруся: Генадзь Грушавы прынёс вялізную карысць беларускім дзецям і Беларусі. Гэта быў вельмі сумленны чалавек!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя