Станіслаў Шушкевіч з кіем злётаў у Англію



“Гіпс знялі за дзень да вылету”, – распавёў першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі быў запрошаны наведаць Англію і прыняць удзел у мерапрыемствах, звязаных з 25-годдзем падпісання Белавежскіх пагадненняў. Але так здарылася, што, калі Станіслаў Станіслававіч накіроўваўся ў лютым у Брытанскі візавы цэнтр, то паслізнуўся і зламаў сабе нагу.

Станіслаў Шушкевіч: Больш за месяц быў у гіпсе, але акурат за дзень да вылету ў Англію яго знялі. Таму паляцеў з жонкай і кіёчкам. Кульгаў, безумоўна, але арганізатары так зацікавілі добрай праграмай, што адмяняць паездку было шкада.

РР: А што была за праграма?

Станіслаў Шушкевіч: У Лондане у зале парламента адбылася канферэнцыя, былі выступы таксама ў Оксфардзе і Кембрыджы. Дарэчы, у Оксфардзе сустрэўся з Леанідам Краўчуком і Генадзем Бурбулісам, якія таксама былі запрошаны. Збіраліся вялізныя залы, задавалі столькі пытанняў, што не было ратунку. Найперш абмяркоўвалі, што ў гістарычным плане даў свету развал Саюза. І мы прыйшлі да высновы, што тое пагадненне ў Віскулях фактычна пазбавіла грамадзянскай вайны вялікую тэрыторыю Савецкага Саюза. Таму што пры распадзе непазбежна была б вайна. А так у патрэбны момант у патрэбным месцы прынялі своечасовае рашэнне.

РР: Чуў таксама, што ў Лондане вы яшчэ сустрэліся і з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Англіі.

Станіслаў Шушкевіч: Так, і хачу сказаць, што гэта, напэўна, адна з самых арганізаваных беларускіх дыяспар. З 1946 году яны маюць статус юрыдычнай асобы. У Штатах дзве беларускія суполкі як бы супрацьстаяць адна другой, а ў Англіі ўсе беларусы – разам. І гэта еднасць мне вельмі спадабалася. Зрэшты, як і ўся паездка ў Англію. Шыкоўнае запрашэнне, на кожным павароце дзякуй казалі.

РР: Ці ведаюць у Англіі пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі апошнім часам?

Станіслаў Шушкевіч: Я магу сказаць, што ў свеце заўважылі масавыя выступленні ў Беларусі. Нават у Англіі ў СМІ гучала, што ў Беларусі працягваецца цемрашальства. Таму міжнародная ацэнка гэтых падзей усё-такі ёсць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя