Старэйшая школа Наваградчыны адзначыла 150-годдзе



Валеўская сярэдняя школа Наваградскага раёна – адна са старэйшых школ Гарадзеншчыны. У гэтыя дні калектыў школы адзначыў свой 150-гадовы юбілей.

На юбілейную сустрэчу ў школу прыехалі яе выпускнікі і педагогі з розных куткоў Беларусі. Дырэктар школы Таццяна Аганоўская адзначыла, што “за 150 гадоў школа набыла свае ўстойлівыя традыцыі, выпусціла не адно пакаленне выпускнікоў, якія праслаўляюць свой край і сёння”.

Сапраўды, тры педагогі школы маюць званне заслужаных настаўнікаў Беларусі, сярод якіх быў і Міхась Петрыкевіч, заснавальнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. А імя настаўніка Уладзіміра Урбановіча занесена ў Ганаровую кнігу Наваградскага раёна. Дзякуючы гэтым педагогам у Валеўскай сярэдняй школе быў адкрыты некалі лепшы школьны музей у рэспубліцы. А Уладзімір Урбановіч упершыню, у 1964 і 1970 гадах, выдаў свае кнігі па школьнаму краязнаўству. Гэта былі кнігі “Па дарагіх мясцінах” і “Шляхамі паэтаў і герояў”, у якіх распавядалася пра дзейнасць літаратурна-краязнаўчага і літаратурнага гурткоў Валеўскай школы…

Сённяшняя вучаніца школы Юля Лісіца заняла другое месца на абласной алімпіядзе па беларускай мове… Пра ўсіх іх і шмат яшчэ пра што прыгадвалі падчас школьнай юбілейнай урачыстасці ў Валеўцы. Вядома ж, былі там і ўспаміны, і песні, і ўзнагароды, і шчырыя словы пра настаўнікаў і выпускнікоў. І быў канцэрт, які радаваў тых, хто сёння працуе ў школе і хто некалі там вучыўся.

[Not a valid template]

Аксана Шпак, Беларуске Радыё Рацыя, Наваградскі раён