Старшыня АГП Казлоў перад арыштам: Сорамна за судовую сістэму



Прысуд па справе старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ўступіў у сілу, і ён пачаў адбываць прызначаны судом трохмесячны тэрмін за разгалошванне звестак следства па справе Каардынацыйнай рады. Мікалай Казлоў сам, у суправаджэнні сяброў, прыйшоў у Цэнтральнае РУУС а 18-й па позве, паведаміла супрацоўніца штабу Святланы ЦІханоўскай Ганна Красуліна.

«Я ня маю намеру нікуды з’язджаць, не маю намеру пакідаць сваю краіну. Прайду гэты шлях разам з беларусамі, — заявіў Казлоў. — Я па-ранейшаму лічу прысуд неправасудным, ён не заснаваны на фактах, няма ніводнага рэальнага доказу парушэння мной закона. Мне сорамна за нашу судовую сістэму, за тых суддзяў, якія прымалі рашэнне». 6 жніўня суддзя Ленінскага суду Менску Шоцік Т.В. прызнала Мікалая Казлова вінаватым па арт. 407 КК — «Разгалошванне звестак дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага паседжання» і прысудзіла 3 месяцы арышту. 9 лістапада Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле. Мікалай Казлоў прызнаны палітвязнем.