Старшыня “Грамады”: улады хочуць адбіць цікавасць людзей да плебісцыта



„Улады дэкларуюць, што зацікаўленыя ў актыўным абмяркаванні грамадзянамі новай рэдакцыі Канстытуцыі і адпаведна ўдзелу ў рэферэндуме, але ў рэальнасці гэта не так”, – перакананая старшыня Пінскай гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова.

Паводле яе назіранняў, у сеціве ўжо пачалася кампанія, каб адбіць цікавасць людзей да плебісцыта:

„Мы назіраем на інтэрнэт-пляцоўках адкрытых троляў, якія кажуць пра тое, што не трэба ўдзельнічаць у рэферэндуме, не трэба ісці, не трэба галасаваць. Разумееце, тут працуе прынцып таго, што чалавек не пойдзе абараняць тое, у чым не прымаў удзел. І я мяркую, што гэтыя тролі, гэта частка ціску на грамадства, каб нарадзіць у ім зноў апатыю, і нежаданне ўдзельнічаць у якіх-небудзь палітычных працэсах”.

Па афіцыйнай інфармацыі, да 7-га лістапада праект зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю павінен быць прадстаўлены ў публічную прастору. Сам рэферэндум чакаецца не пазней за люты.

Беларускае Радыё Рацыя