„Старшыня сельсавета мне так і гаворыць: чаго ты сюды прыпёрлася”



З 15 кастрычніка 2008 года ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень вясковых жанчын. Але ў Беларусі пра вясковую жанчыну ўспамінаюць добра, хіба на дзень сельгасработніка.

Хаця роля вясковых жанчын у эканоміцы краіны значная, а праца і доля цяжкая ва ўсе часы, гаворыць 70-гадовая вясковая пенсіянерка Галіна Рудак – ударнік дзвюх пяцігодак і камуністычнай працы ў Савецкім Саюзе:

– Адзін раз давялося папрасіць дапамогі, мне далі адказ: у вас чацьвёра дзяцей, няхай дзеці дапамагаюць. Я сама з Гомельскай вобласці, 20 кастрычніка будзе 15 гадоў як тут жыву. То мяне начальства не лічыла і за чалавека. Старшыня сельсавета гаворыць: якога хрэна ты сюды прыпёрлася, бо табе там добра было. Пасля таго ў мяне знікла цікавасць да жыцця.

Спадарыня Галіна – удава. Але муж апорай у нялёгкім вясковым жыцці не быў – яго перамог алкаголь, як і многіх на вёсцы мужчын. Дзеці выраслі добрымі і спагадлівымі. Але матэр’яльна дапамагчы не могуць – у кожнага свае сем’і і невысокія заробкі. Гэта яна дапамагала ім колькі магла і чым магла. Паводле Галіны Рудак, так жыве большая палова вясковых жанчын.

Беларускае Радыё Рацыя