Старшыня ЦВК Ярмошына незадаволеная публікацыямі ў СМІ аб яе жыллі



Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына незадаволеная цікавасцю журналістаў да яе прыватнага жыцця і публікацыямі, дзе фігуруюць фатаграфіі яе дома, якія перыядычна ўзнікаюць у СМІ.

Прэтэнзію ў адрас журналістаў яна выказала 29 траўня на пасяджэнні ЦВК, калі абмяркоўвалася прапанова з боку апазіцыйных палітыкаў дазволіць назіральнікам на выбарчых участках падчас будучых парламенцкіх выбараў бесперашкодна весці фота- і відэаздымку.

„Цікава, з якой пісьмовай згоды партал tut.by публікуе на сваіх старонках здымкі дамоў, кветнікі чыноўнікаў і гэтак далей. Як, уласна кажучы, і мой дом, які трапляе ў матэрыялы, якія вельмі чытаюць. На якіх падставах? Калі мы іх (журналістаў. — БелаПАН.) будзем кантраляваць за гэта?” — заявіла Ярмошына.

Старшыня Цэнтрвыбаркама, як і многія іншыя дзейныя і былыя беларускія чыноўнікі, бізнесмены і спартсмены, жыве ў элітным катэджным пасёлку „Дразды” ў Цэнтральным раёне Менска — недалёка ад першай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы. Участкі пад будаўніцтва індывідуальнага жылля тут выдаюцца на льготных умовах фармальна па рашэнні мясцовых улад.

Аляксандр Лукашэнка не хавае, што гэта робіцца з яго дазволу. Каментуючы журналістам 11 траўня затрыманне вызваленага ад пасады намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына па падазрэнні ў атрыманні хабару, ён заявіў: „Я кавалак зямлі даю чыноўнікам пабудаваць дом або кватэру, каб ён не краў гэтыя мільярды і яны засталіся ў дзяржавы. І калі ты парушаеш гэты парадак — адказвай на ўсю катушку”.

belapan.by