Стартаваў краўдфандынг-праект па алічбоўцы слоўніка Насовіча



Слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча – адзін з найкаштоўнейшых дыяментаў беларускай навукі. Ён застаецца актуальным і сёння, бо змяшчае багаты ілюстрацыйны матэрыял на падставе народных песень, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.

Слоўнік таксама патрэбны паспалітым карыстальнікам, каб спраўдзіць, ці ўжывалася нейкае слова, знайсці тагачасныя сінонімы сучаснаму слову або зразумець сэнс незнаёмага слова. 

Зараз слоўнік існуе толькі ў выглядзе сканаў. А гэта вялікая нязручнасць і абмежаванне для выкарыстання. Ён выдадзены старым расейскім правапісам, за якім складана ўбачыць беларускія словы. Напрыклад,

АПОСЛѢ´ = апасля, АСТРИ´ЖЕНОКЪ = астрыжанак.

Гэта ўсё робіць працэс пошуку складаным і абмежаваным. З новай электроннай версіяй слоўніка гэты працэс будзе значна зручнейшым. Да кожнага артыкула мы дададзім асучасненае напісанне назвы (пры захаванні арыгінальнай) і сінонімы для зручнасці пошуку. Мовазнаўцам электронны слоўнік значна палегчыць адбор матэрыялаў у сучасныя слоўнікі і для даследаванняў. 

Пачынаў рыхтаваць электронны слоўнік яшчэ Зміцер Саўка. Мы маем ягоныя матэрыялы, але справа незавершаная.

Памер слоўніка – каля 800 старонак. Гэта прыкладна 35 тысяч артыкулаў, якія ўскладнены старым правапісам і адрукоўкамі. Па нашых падліках, праца над слоўнікам зойме 700 гадзін. А знайсці валанцёраў для такой карпатлівай прафесійнай працы проста немагчыма.

Пасля завяршэння працы мы плануем зрабіць вельмі абмежаванае выданне (каля 50 асобнікаў) тэкстаў слоўніка і пошукавай сістэмы на дысках, якія пойдуць у буйнейшыя бібліятэкі і навуковыя цэнтры Беларусі і замежжа.

Слоўнік таксама будзе выкладзены ў сеціва для вольнага карыстання.

talaka.org