Студэнтку з плакатам з „Маршу гонару” арыштавалі на 15 сутак



Пра гэта паведаміў берасцейскі грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда, які прысутнічаў на разглядзе адміністрацыйнай справы ў адносінах да яе. Вінавацілі дзяўчыну ў адным з пунктаў арт. КоАП РБ – „парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”.

Аляксандра Гаўрусік, так завуць берасцейку, стала вядомай пасля таго, як 11-га кастрычніка яна адна з нешматлікіх выйшла з плакатам на „Марш гонару”, што праходзіў у Берасці. На плакаце было напісана: „Калі несправядлівасць становіцца законам, супраціў становіцца абавязкам”:

– Менавіта за гэтыя мужныя словы суд і пакараў яе 15-цю суткамі арышту, Аляксандра проста ўсміхнулася ў адказ і пайшла адбываць свае суткі. Берасце займела яшчэ аднаго героя, імя якога ўвойдзе ў гісторыю нацыянальнага супраціву.

Рашэнне пра пакаранне дзяўчыны ў выглядзе 15-суткавага арышту прымаў суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Андрэй Грушко. Аляксандра Гаўрусік яшчэ студэнтка, пяцікурсніца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота https://t.me/khliabets