Студэнты БДУ раздалі ахоўныя маскі і заклікалі не выходзіць на вучобу



Студэнтам, якія пражываюць у інтэрнатах на вуліцы Кастрычніцкай у Менску раздалі ахоўныя маскі і распавялі пра народны каранцін.  Сімвалічную акцыю правялі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – актывісты грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” і ініцыятывы „Еўрапейская моладзь”.

– Раздалі каля паўсотні масак, – сказаў адзін з удзельнікаў. – Акцыя была не гэтулькі практычная, колькі сімвалічная. Мы хацелі паказаць, што ў Беларусі ёсць сур’ёзныя праблемы з эпідэміялагічнай бяспекай і ўлады нічога не робяць, каб іх вырашыць.

Безумоўна, каранцін трэба ўводзіць абавязкова, каб спыніць распаўсюд віруса і не ствараць пагрозы для людзей. Мы салідарныя са студэнтамі МДЛУ, якія абвесцілі пра байкот заняткаў. Упэўнены, што так павінны паступіць усе навучэнцы ў Беларусі.

Бяспека нашых блізкіх і салідарнасць павінны быць на першым месцы.