Студыя інклюзіўнага танцу „Імпэт” : танцы на вазках і „на ножках”



Ужо два з паловай гады пад апекай дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі існуе студыя інклюзіўнага танцу “Імпэт”.

Заняткі адбываюцца ў кавярні катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Сюды з усяго гораду збіраюцца выхаванцы клубнага дому “Крылы Надзеі”, дзе займаюцца сацыялізацыяй людзей з псіхічнымі захворваннямі, і “вазочнікі” з гарадскога таварыства інвалідаў. Для іх заняткі ў “Імпэце” – гэта магчымасць адчуць сябе моцнымі і таленавітымі, кажа дырэктар “Карытасу”, ксёндз Андрэй Аніскевіч:

– Мы вырашылі зрабіць такую групу, каб маглі таньчыць людзі самотныя, пакінутыя, каб яны мелі крыху радасці. Каб зразумелі, што не варта апускаць рукі ў любым узросце і ў любой жыццёвай сітуацыі.

Кіруе студыяй Марына Булатоўская – дзяўчына, якая не мае харэаграфічнай адукацыі, але мае вялікае жаданне дапамагаць іншым. Яна кажа, што танцамі займалася з дзяцінства, але самае вялікае захапленне заўжды выклікалі танцы на інвалідных вазках:

– Мне здарылася працаваць у сацыяльным цэнтры, і там я мела магчымасць самой сесці ў інвалідны вазок і таньчыць. Я зразумела, што гэта – супер, і што я хачу гэтым займацца. Потым я ездзіла да чэмпіёнкі свету Ганны Гарчаковай, і яна вучыла мяне, як упраўляцца з вазком, як займацца з навучэнцамі.

Танцамі “на ножках” займаюцца тыя, хто можа рухацца, але мае досвед псіхічных захворванняў. Комплекс практыкаванняў для іх іншы, але таксама накіраваны на агульнае аздараўленне арганізму, на развіццё навыкаў камунікацыі, і на атрыманне станоўчых эмоцый ад руху і магчымасці не пачувацца “іншым” сярод здаровых людзей.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя