СТВ скрала ў „Газеты Слонімскай” відэаролік і выпусціла ў эфір



Без спасылкі на крыніцу інфармацыі і дазволу рэдакцыі рэгіянальнай “Газеты Слонімскай” сталічныя тэлевізійшчыкі выпусцілі у эфір ролік пра бусла, які пасяліўся на даху царквы.

Фота-відэанарыс пра бусла, які пасяліўся на даху царквы Свята-Благавешчанскага жаночага манастыра ў Слоніме, пад загалоўкам “Бусел абжыўся на даху праваслаўнага храма” быў апублікаваны на сайце gs.by 19 чэрвеня.

А ўжо 21 чэрвеня ў чарговым выпуску праграмы “Навіны 24 гадзіны” у 16-30 на СТВ паказалі як свой відэаролік “Газеты Слонімскай” пад загалоўкам  “Семья аистов свила гнездо на крыше монастыря в Гродненской области” і сваім аўдыясуправаджэннем.

Так без спасылкі на крыніцу інфармацыі і дазволу рэдакцыі рэгіянальнай “Газеты Слонімскай” сталічныя  тэлевізійшчыкі прысвоілі гэты відэаролік.

Калі так робяць некаторыя мясцовыя дзеячы ў сацыяльных сетках — гэта адзін маштаб. Але калі так дзейнічаюць сталічныя тэлевізійшчыкі — тое ўспрымаецца ўжо, як ігнараванне аўтарскіх правоў у маштабе краіны.

Галоўны рэдактар і выдавец “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук вырашае, што варта зрабіць у такой сітуацыі, каб яна не паўтарылася.  

baj.by