Ствараецца беларускі відэапраект “Вясёлы садок”



Каманда аднадумцаў стварае беларускі відэапраект для дашкольнікаў пад назвай “Вясёлы садок”. Ініцыятары праекта збіраюцца пачаць з кароткіх забаўляльных перадач. А ў будучыні маюць ідэю перайсці на паўнавартасны анлайн-садок з інтэрактывам і прамымі ўключэннямі. Як паведаміў прадусар відэапраграмы “Вясёлы садок” Павел Ганчар, з дапамогай праграмы яны спадзяюцца дапамагаць бацькам выхоўваць разумнае і вольнае пакаленне для будучай Беларусі:

– Мы плануем, што гэта будзе анлайн-падрыхтоўка дзяцей да школы. Нейкія базавыя веды па прадметах дашкольнай праграмы дзеткі атрымаюць. У іх будзе зняты бар’ер успрыняцця беларускай мовы як замежнай, а таксама мы плануем, што гэта будзе пэўная такая каштоўнасная прышчэпка, дзе будуць прышчэпленыя дзеткам гуманізм і гонар за сваю нацыю і краіну. Прышчэпка, што такое злое, што такое добрае і г.д.

Актрыса  тэатра і кіно Алена Гіранок заўважае, што праграма “Вясёлы садок” будзе ўяўляць сабой забаўляльнае навучанне.

– Гэта беларускамоўны кантэнт, гэта само па сабе вельмі карысна. Па-другое, гэта ўрокі дабрыні і сяброўства. А таксама ўсё, што можа быць цікава і карысна дзеткам, пачынаючы ад таго, як прыгатаваць карысны і добры гамбургер да здаровага ладу жыцця і заканчваючы вопытамі па элементарнай фізіцы, напрыклад. Мы сябе не абмяжоўваем ніякай канкрэтнай тэматыкай.

Героямі відэапраграмы “Вясёлы садок” будуць лялькі Казік і Юзік. Праграма будзе дасяжная на платформе youtube.

 Цалкам стужку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя