Ствараецца механізм дзяржпадтрымкі будаўніцтва ільготнага жылля



У Беларусі створаная міжведамасная рабочая група для выпрацоўкі механізму аказання адраснай дзяржаўнай падтрымкі атрымальнікам ільготных крэдытаў на жыллёвае будаўніцтва. Гэта прадугледжана распараджэннем прэм’ер-міністра Беларусі ад 30 снежня 2016 года „Аб пытаннях аказання дзяржаўнай падтрымкі пры жыллёвым будаўніцтве”.

Кіраўніком міжведамаснай рабочай групы прызначаны першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў, паведамляе прэс-служба ўрада. У яе склад увайшлі таксама прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, юстыцыі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама апарата Савета міністраў, банкаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Міжведамаснай рабочай групе даручана зацвердзіць да 7 студзеня 2017 года план мерапрыемстваў па распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, а таксама прыняцці іншых мер па ўкараненні механізму адраснай дзяржаўнай падтрымкі і забяспечыць яго рэалізацыю.

Мінбудархітэктуры сумесна з Нацыянальным банкам, Мінфінам, Мінэканомікі, ААТ „Ашчадны банк „Беларусбанк”, ААТ „Белаграпрамбанк”, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам неабходна да 15 лютага 2017 года ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Савет міністраў праекты нарматыўных прававых актаў, якія забяспечваюць функцыянаванне механізму адраснай дзяржаўнай падтрымкі.

belapan.by