Стыхійны сход супраць зносу ў Гомелі



Жыхары некалькіх вуліц у Савецкім мікрараёне правялі стыхійны сход супраць планаў гарвыканкама аб зносе прыватнага сектара. Уласнікі прыватных дамоў па вуліцах Беларуская, Пясочны праезд і Чкалаўскі праезд выступаюць супраць праекта забудовы шматкватэрнымі дамамі іх раёна.

Гамяльчук Алесь Яўсеянка пражывае ў бацькоўскай хаце, пабудаванай пасля ІІ Сусветнай вайны. Нядаўна ён, як і ягоныя суседзі, атрымаў ліст з дзяржаўнага прадпрыемства „Гомельгеадэзцэнтр” з паведамленнем, што на месцы прыватнага сектара быццам бы плануецца будаўніцтва шматпавярховікаў.

Алесь Яўсеенка:

Нашыя ўчасткі, калі верыць генплану, пад знос не траплялі. І тут раптам прыходзіць апавяшчэнне, што будуць нас высяляць. Я думаю, што тут нейкая падазроная схема рэалізуецца, таму што заўжды, калі руйнуюць прыватны сектар, ёсць прастора для непразрыстых здзелак. Згадаць хаця б гучную справу экс-старшыні гарвыканкама Віктара Піліпца, дзе мелі месца карупцыйныя праявы менавіта пасля адсялення жыхароў прыватных дамоў вуліцы Барыкіна. У Гомелі дастаткова пустых месцаў і пляцовак, якія можна выкарыстоўваць пад будаўніцтва без канфліктаў з жыхарамі горада. А ім тут як мёдам намазана. Відаць, камусьці вельмі спадабалася тэрыторыя.

Сусед Алеся Яўсеенкі, вайсковы адстаўнік, у 2015 годзе набыў катэдж. Ён катэгарычна не згаджаецца пакідаць сваю зямлю.

„У маім доме тры паўнавартасныя паверхі. Якім чынам яны будуць нам кампенсаваць страты?! Я вельмі сумняюся, што ацэнка будзе адэкватнай. Калі мы афармлялі здзелку на куплю маёмасці, у аддзеле архітэктуры раёна нас запэўнівалі, што ў бліжэйшыя 25 год нас чапаць не будуць. Жывіце, маўляў, не бойцеся. А тут такое! Я праслужыў у войску, з’яўляюся баявым афіцэрам, буду змагацца да апошняга. Мне няма чаго губляць”, – выказваецца мужчына.

Некалькі гаспадароў зямельных участкаў таксама не хаваюць свайго абурэння. Некаторым з іх выдалі дазволы на будаўніцтва год і два таму назад. Людзі ўклалі вялікія грошы ў будоўлю, а цяпер іх могуць у любы момант пачаць зносіць.

Аляксандр нарадзіўся ў гэтым раёне. Апошнія 7 гадоў ён поўнасцю прысвяціў пабудове ўласнага дома, дзеля якога яму давялося браць крэдыты, пазыкі, шмат працаваць. Цяпер, заўважае мужчына, можна лічыць, што частка жыцця выкінутая на сметнік.

Аляксандр:

У мяне 160 квадратных метраў жыллёвай плошчы. І я яшчэ паралельна будуюся. Дазвол на будаўніцтва атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Мая сям’я там жыве. Мне ўжо 40 гадоў. Гэта мая вуліца і мой раён. Чаму я павінен сваю радзіму пакідаць?

Адзін з жыхароў вуліцы падзяліўся чуткамі пра магчымага інвестара. Нягледзячы на тое, што ўлады гавораць пра планы забудовы шматкватэрнымі дамамі, насамрэч сітуацыя можа выглядаць інакш.

„Ходзяць чуткі, што нейкі сталічны інвестар плануе пабудову гіпермаркета на гэтым месцы. Кажуць, што бізнесоўцам спадабалася тэрыторыя, якая знаходзіцца амаль у цэнтры горада і з усімі падведзенымі камунікацыямі”, – дзеліцца інфармацыяй суразмоўнік.

 

Гомельцы абураюцца, што гарадскія ўлады ва ўльтыматыўным парадку, без размоваў з людзьмі, паведамляюць пра магчымы знос прыватнага сектара.

Алена са сваёй сям’ёй пражывае таксама на вуліцы Пясочны праезд. Дом застаўся ў спадчыну ад бабулі.

Вы зразумейце, што азначае гэтая сітуацыя. Мы ж як на бочцы з порахам жывем. Нам кажуць, што могуць знесці. Калі так, то тут нават рамонту не зробіш! Скажам, пацячэ дах, ты ж не будзеш укладаць вялікія грошы, калі ў любы момант зруйнуюць? Вось і будзеш з тым дахам дзіравым 10 гадоў жыць у чаканні зносу. Каб я ведала дакладную інфармацыю, то пачала б думаць пра тое, ці пераводзіць дзяцей у іншую школу. Карацей, бязмежжа„, – гаворыць Алена.

„Калі нас знясуць, то дадуць кватэру „ў шпакоўні” дзесьці, напрыклад, у новым мікрараёне Шведская горка. Я туды не хачу пераязджаць са свайго дома! Мы ж амаль у цэнтры горада пражываем!”, – заўважае яшчэ адна жанчына.

Жыхары прыватнага сектара ў квартале вуліц Багдана Хмяльніцкага – Рэчыцкага праспекта – вуліцы Чкалава ў Гомелі намераныя абараняць свае дамы да апошняга. Людзі перакананыя, што ніякай адэкватнай замены ўласнай зямлі быць не можа.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель