Суд над парталам tut.by прыпынены на няпэўны тэрмін



Суд аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў tut.by прыпынены на няпэўны тэрмін, паведаміла журналістам адвакат партала Марыя Анапольская. Яна адмовілася гаварыць пра прычыну такога рашэння ў сілу таго, што працэс праводзіцца ў закрытым рэжыме.

Грамадзянскі працэс ініцыявала Міністэрства ўнутраных спраў. У заяве ведамства адзначаецца, што падчас маніторынгу інтэрнэту ў лютым гэтага года на партале і ў сацсетках былі знойдзеныя „матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь”, а пры іх аналізе „выяўленыя прыкметы экстрэмізму”.

Міністэрства накіравала матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 21 мая яе заключэнне паступіла ў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

У заключэнні камісіі названыя ў якасці экспертаў прафесар кафедры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандр Іваноўскі і начальнік аддзела маўленчазнаўчых і эканамічных даследаванняў Дзяржкамітэта судовых экспертыз Таццяна Лапуніна.

Экспертнае заключэнне займае больш за 60 старонак, яшчэ каля 300 — дадаткі (у іх уваходзіць пералік вывучаных матэрыялаў). Прааналізаваны публікацыі за перыяд са жніўня 2020 па люты 2021 года.

Згодна з заключэннем камісіі, гаворыцца ў заяве МУС, „дзеянні інфармацыйнага рэсурсу tut.by па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду (урон) нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Камісія таксама палічыла, што ў размешчаных на tut.by матэрыялах утрымліваюцца „лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы, негатыўная ацэнка дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асоб, што выдзяляюцца па прафесійнай прыкмеце”.

У прадстаўленых матэрыялах у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, да іншых дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў, груп асоб і асобных асоб рэалізаваны стратэгія і тактыка дыскрэдытацыі, сцвярджае камісія. У агульным кантэксце ажыццяўляецца проціпастаўленне груп асоб, якія ўдзельнічаюць у пратэстным руху, і іншых груп, якія ўключаюць „дзейную ўладу”, „сілавікоў”. Гэта расцэнена экспертамі як спосаб распальвання сацыяльнай непрыязнасці або варожасці. Tut.by абвінавачваецца таксама ў тым, што „мэтанакіравана праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку”.

МУС просіць Мінінфарм уключыць матэрыялы партала ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйнай прадукцыі tut.by, люстраных версій сайта і аналагаў з іншымі URL-адрасамі.

Разгляд заявы МУС пачаўся 24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Працэс вядзе намеснік старшыні суда Цэнтральнага раёна па грамадзянскіх справах Таццяна Скапец. Інтарэсы tut.by прадстаўляе адвакат Марыя Анапольская.

Скапец задаволіла хадайніцтва МУС аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме ў сувязі з тым, што на ім будзе абнародаваная інфармацыя пра экстрэмісцкія матэрыялы. Пярэчанні адваката tut.by аб тым, што гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе, пад увагу прынятыя не былі.

На працэс не праводзілася акрэдытацыя СМІ, у будынак суда журналістаў прапускалі як слухачоў па пашпарце. За гадзіну да пачатку пасяджэння ўжо была ўстаноўленая рамка-металашукальнік пры ўваходзе ў залу пасяджэння і відэакамера, якая здымала тых, хто прыйшоў на грамадзянскі працэс. Асабістыя рэчы слухачоў і ўдзельнікаў працэсу даглядаліся двойчы — пры ўваходзе ў будынак і залу суда.

belapan.by