Суд аштрафаваў чатырох удзельнікаў „канаплянага калядавання” ў Менску



Чатырох удзельнікаў „канаплянага калядавання”, якое прайшло ў Менску 25 снежня, суд Цэнтральнага раёна сталіцы 8 лютага прыгаварыў да штрафаў ад 10 да 30 базавых велічынь.

Канаплянае калядаванне ў Менску 25 снежня 2017 года. Фота: Legalize Belarus

Кіраўнік медыяслужбы грамадскага руху „Дзея” Пётр Маркелаў прыгавораны да штрафу ў 30 базавых велічынь (735 рублёў), паведаміў удзельнік калядавання Стас Шашок.

Маркелаў прызнаны вінаватым па частцы 3 артыкула 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). На першым пасяджэнні 18 студзеня суд вярнуў пратакол у дачыненні да актывіста на дапрацоўку ў міліцыю.

Юлія Швабовіч, Міхаіл Варанцоў і Стас Шашок аштрафаваныя кожны на 10 базавых велічынь (245 рублёў).

Як раней паведамляў БелаПАН, ніхто з удзельнікаў шэсця не змог азнаёміцца з міліцэйскімі пратаколамі, таму што позвы прыйшлі ўжо пасля прызначанай на 29 студзеня даты візіту ў міліцыю.

Удзельнікі акцыі не лічаць, што парушылі закон, яны сцвярджаюць, што калядаванне — гэта не масавае мерапрыемства. „Тое, што было 25 снежня, цяжка назваць акцыяй, гэта было звычайнае калядаванне. Мы зрабілі [замест каляднай зоркі] стылізаванае канаплянае лісце на палках. Хадзілі і спявалі калядную песню „А ўчора з вячора” з невялікімі зменамі ў тэксце, каб нагадаць людзям аб тым, што існуе праблема 328-га крымінальнага артыкула і неабходная рэформа заканадаўства. Гэта было калядаванне, а не акцыя, бо мы відавочна не выказвалі ні палітычных патрабаванняў, не выкрыквалі лозунгаў, мы проста хадзілі і спявалі. Мы прайшлі ад вуліцы Кастрычніцкай да ўніверсама „Цэнтральны”, а потым на вуліцу Зыбіцкую і вярнуліся назад, на ўсё пайшло каля гадзіны”, — распавёў Маркелаў.

„Канаплянае калядаванне” 25 снежня ў цэнтры Мінска было арганізаванае ініцыятывай Legalize Belarus. У межах гэтай кампаніі актывісты „Дзеі” і беларускага руху міжнароднай сеткі Students For Liberty выступаюць за рэформы ў сістэме рэгулявання абароту наркатычных сродкаў і дэкрыміналізацыю артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, якая, на іх думку, прадугледжвае неапраўдана працяглыя тэрміны зняволення за ўжыванне, захоўванне і збыт наркатычных рэчываў.   БелаПАН