Суд над Аляксандрам Вайцешыкам перанесены на 27 кастрычніка



Разгляд справы баранавіцкага праваабаронцы Аляксандра Вайцешыка працягнецца ў судзе напрыканцы кастрычніка. Пра гэта паведаміў баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша. Па яго словах, падставай для сілавога затрымання стала слова «сержантик» у дачыненні да маладога міліцыянта, прамоўленае старэйшым па ўзросце Вайцешыкам.

– Апытвалі сведкаў, толькі міліцыянтаў. Вайцешык заявіў сваіх сведкаў. Адразу па трох справах прыцягваўся. Адклалі суд на 27 кастрычніка, на 14.30. Будуць яшчэ дапытвацца сведкі. Праглядацца відэаматэрыялы з камер назірання і г.д.

 Аляксандра Вайцешыка затрымалі ўвечары 16 кастрычніка на вакзале ў той час, калі ён здымаў вызваленне расейскага філосафа, тэарэтыка анархічнага руху Пятра Рабава. Той адбыў шэсць сутак арышту пасля сарваных лекцый для анархістаў у Гародні і Баранавічах. Вядома, што пасля вызвалення  яго адразу дэпартавалі з Беларусі з забаронай уезду ў  краіну на 10 гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя