Суд над блогеркай Вольгай Такарчук пачнецца 16 снежня



Справу 36-гадовай Вольгі Такарчук пачнуць разглядаць 16 снежня ў судзе Заводзкага раёну Менску. Судовы працэс будзе весці суддзя Алена Капцэвіч, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

36-гадовую Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў: «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «паклёп» і «абраза суддзі».

Бацька Вольгі Такарчук кажа, што яна абвясціла галадоўку ў карцары. Міністэрства ўнутраных спраў сцвярджае, што блогерка прымае ежу. Паводле Следчага камітэта, Такарчук прымала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блакавала рух транспарта» і «выкрыквала лёзунгі». Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што яна 14 студзеня 2021 года апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасці» і «ганьбіць сацыяльнага педагога адной з гімназій у Берасцейскай вобласці».

Вольга Такарчук — блогерка, дызайнэрка, маці дваіх малых дзяцей. Яе затрымалі сёлета 19 траўня па крымінальнай справе. Яна сядзіць у турме №8 у Жодзіне.